Беларуская Служба

Эксперты: беларускай апазіцыі трэба сцерагчыся стагнацыі

13.12.2022 13:01
13 снежня Даследчы цэнтр Офіса Святланы Ціханоўскай і Оксфардская абсерваторыя па Беларусі правялі ўэбінар, дзе абмяркоўваліся мэты, дасягненні і складанасці працы дэмакратычных сілаў Беларусі.
Аўдыё
  • Беларускія дэмакратычныя сілы ацэньваюць зробленае за год
Ілюстрацыйны здымакhttps://www.facebook.com/S.Tsikhanouskaya

Пры канцы 2022 года ў Беларусі працягвае кіраваць рэжым Лукашэнкі, яго апаненты вымушаныя жыць у выгнанні. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі аб'ядналіся вакол Святланы Ціханоўскай, стварыўшы – Аб'яднаны пераходны кабінет. Дэмакратычныя палітыкі разам з экспертамі спрабавалі падвесці вынікі дзейнасці дэмакратычных сіл за бягучы год. У беларускай апазіцыі ёсць дасягненні, зазначыла прафесарка палітыкі Інстытута глабальнага ўстойлівага развіцця Уорвіцкага ўніверсітэта; запрошаная прафесарка Оксфардскай абсерваторыі па Беларусі ва Універсітэце Оксфарда Алена Карасцялёва.

- Калі паглядзець на мінулыя гады, зрабіць рэтраспектыву, яны бачацца часам значных змен у Беларусі і для беларускіх дэмакратычных сіл. Ім давялося адказваць на значныя выклікі для краіны і шырэй для рэгіёну. Адбылася інстытуцыянальная рэструктурызацыя. На змену Каардынацыйнай радзе прыйшоў Аб'яднаны пераходны кабінет. Паўсталі тры міжнародныя цэнтры апазіцыі ў Вільні, Брусэлі ды Варшаве. Таксама навязана салідарнасць з Украінай. Працягваецца супраца з дыяспарай, як у плане стварэння глабальнай адукацыйнай платформы, падтрымкі для грамадзянскай супольнасці. Вядзецца праца па абароне ўцекачоў з Беларусі ды павелічэнні коштаў удзелу ў расійскай агрэсіі для рэжыму Лукашэнкі.

Апошні год стаў сапраўдным выклікам для беларускіх дэмакратычных сіл. З пачаткам вайны выклікі падвоіліся: дэмакратычныя сілы змагаюцца не толькі за звяржэнне дыктатуры, алеі захаванне незалежнасці Беларусі, распавёў намеснік кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік па міжнародных справах Офіса Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

– Гэты год быў для нас вельмі складаны. З 2020 беларускія дэмакратычныя сілы змагаюцца з палітычным крызісам у краіне. Наша галоўная задачы – зрынуць дыктатуру ды пабудаваць дэмакратыю. Само па сабе – гэта вельмі складаная задача. Сёлета наш цяжар падвоіўся, калі не патроіўся, разам з пачаткам расійскай агрэсіі. Цяпер ідзецца таксама пра захаванне незалежнасці краіны. У гэтых умовах мы засяродзіліся ў нашай працы на аб'яднанні высілкаў вакол стварэння Адзінага пераходнага кабінету, як адказ на зменлівую сітуацыю. Мы разумеем, што толькі яднаючы высілкі, мы зможам адказаць на выклікі.

Спецыяльны пасланнік па Усходнім партнёрстве ў Прадстаўніцтве Еўрапейскага Саюза ў Злучаным Каралеўстве Дзірк Шубель заявіў, што на Захадзе шырыцца разуменне неабходнасці большай падтрымкі для беларускіх дэмакратычных сіл.

– Шматлікія краіны чальцы ЕС апошнім часам кажуць пра тое, што трэба павялічыць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл. Гэта добры знак. Мы рыхтуемся да больш шчыльных кантактаў з беларускімі сіламі. Святлана Ціханоўская нядаўна наведвала Брусэль, дзе пачула, што ЕС не кіне беларускія дэмакратычныя сілы. Падтрымка будзе працягвацца. Гэта значнае дасягненне, бо беларускія сілы змаглі арганізаваць падтрымку не толькі з ЕС, але шырэй з усяго дэмакратычнага свету. Гэта вялікі плюс.

Вайна ва Украіне не толькі стала дадатковым выклікам для беларускіх дэмакратычных сіл, але і адкрыла новыя магымасці, кажа старэйшы навуковы супрацоўнік па Расіі і Еўразіі ў Міжнародным інстытуце стратэгічных даследаванняў, былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс.

– Зразумела, што вайна ўскладнла сітуацыю ў Беларусі, але з іншага боку, стварае і новыя магчымасці. На дадзены момант вельмі важна, каб апазіцыя ў выгнанні змагла паказаць сябе як эфектыўная, верагодная ды аўтарытэтнае кіраўніцтва, якое можа прыйсці на змену дыктатару, як у вачах міжнароднай супольнасці, так і беларускага грамадства. Апазіцыі нельга паўтараць памылкі іншых уцекачоў. Нельга ўпадаць у стагнацыю, у падзелы або адсутнасць сувязі з краінай. Беларуская апазіцыя пакуль дэманструе дынамізм ды не дае пра сябе забыць. Пры гэтым Украіна стала цяпер брэндам нумар адзін. Яны дэманструюць моц і рашучасць. Для беларускіх дэмакратычных сіл альянс з Украінай павінен стаць галоўнай задачай цяпер, тым больш што вы знаходзіцеся з таго самага боку барыкады.

Адмысловец нагадаў, што апазіцыя павінна паказаць сябе ў якасці новага ды эфектыўнага ўраду для Беларусі пасля Лукашэнкі. Іншым прыярытэтам мусіць стаць супрацоўніцтва з Украінай.

Юры Ліхтаровіч